Галоўная / Камітэт / Гісторыя дзяржаўнага кантролю / Гістарычная даведка

Гістарычная даведка

Фарміраванне структур дзяржаўнага кантролю як аднаго з органаў дзяржаўнага кіравання пачалося адразу ж пасля абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У студзені 1919 г. быў створаны Камісарыят дзяржаўнага кантролю Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі, які ў адпаведнасці з рашэннямі I Усебеларускага з’езда Саветаў быў ператвораны ў Камісарыят дзяржаўнага кантролю БССР.

27 лютага 1919 г. у сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР функцыі Камісарыята дзяржаўнага кантролю БССР перайшлі да Народнага камісарыята дзяржаўнага кантролю Літоўска-Беларускай ССР.

У сакавіку 1919 г. органы Народнага камісарыята дзяржаўнага кантролю Літоўска-Беларускай ССР былі рэарганізаваны ў органы Народнага кантролю Літоўска-Беларускай Рэспублікі, дзейнасць якіх была спынена ў сувязі з акупацыяй Беларусі і Літвы белапольскай войскамі.

Па меры вызвалення тэрыторыі Беларусі пры губернскіх і павятовых рэвалюцыйных камітэтах ствараліся аддзелы Рабоча-сялянскай інспекцыі (РСІ).

30 ліпеня 1920 г. з арганізацыяй Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР у яго складзе ствараецца аддзел РСІ, які 26 жніўня 1920 г. быў ператвораны ў Камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі Ваенрэўкама БССР.

17 снежня 1920 г. на II з’ездзе Саветаў Беларусі Камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі Ваенрэўкама БССР быў рэарганізаваны ў Народны камісарыят рабоча-сялянскай інспекцыі (НК РCI) БССР.

На 1 студзеня 1921 г. структура НК РСІ БССР складалася з эканамічнай інспекцыі з секцыямі (тэхніка-прамысловай; харчовай і сельскагаспадарчай; каштарысна-касавай) і аддзелаў (адміністрацыйна-судовага; сацыяльна-культурнага; аховы працы і аховы здароўя).

У адпаведнасці з Палажэннем аб рабоча-сялянскай інспекцыі, зацверджаным 17 снежня 1921 г., на НК РСІ БССР ускладваліся: кантроль за дзейнасцю ўсіх цэнтральных і мясцовых савецкіх устаноў, прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый; барацьба з бюракратызмам і валакітай; назіранне за правядзеннем у жыццё дэкрэтаў, пастаноў і распараджэнняў Савецкай улады; удзел у абмеркаванні фінансавых і матэрыяльных каштарысаў і планаў вытворчасці; дача заключэнняў па каштарысах ведамстваў і бюджэце БССР. У абавязкі НК РСІ ўваходзіла таксама расследаванне і назіранне за разборам скаргаў і заяў, якія паступаюць у цэнтральныя і мясцовыя органы.

Рабоча-сялянская інспекцыя падпарадкоўвалася непасрэдна ЦВК БССР і яго Прэзідыуму.

У красавіку 1923 г. у сувязі з прынятым ХII з’ездам РКП (б) рашэннем аб аб’яднанні партыйнага і дзяржаўнага кантролю, РСІ і ЦКК КП (б)Б аб’ядналіся ў адзіны кантрольны орган - ЦКК РСІ Беларусі, а 1 жніўня 1923 г. была зацверджана новая структура Наркамата РСІ БССР, якая складалася з двух цэнтральных упраўленняў: агульнага і аператыўнага.

3 лістапада 1924 г. ЦВК БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Наркамаце РСІ БССР, у якім адзначалася, што РСІ - асноўны орган Савецкай улады па правядзенні ў жыццё мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзяржапарату, прыстасаванню яго да задач сацыялістычнага будаўніцтва.

Пастановай СНК БССР ад 7 ліпеня 1927 г. Наркамату РСІ БССР было прадастаўлена права канчатковага зацвярджэння штатаў наркаматаў і цэнтральных устаноў БССР.

У 1931 годзе пры СНК БССР арганізуецца Камісія выканання, якая існавала разам з Наркаматам РСІ і на якую ўскладалася праверка выканання дырэктыў Урада і ўмацаванне дысцыпліны на прадпрыемствах і ва ўстановах.

У 1934 годзе ў сувязі з рашэннем ХVII з’езда ВКП (б) аб стварэнні Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК ВКП (б) і Камісіі савецкага кантролю пры СНК СССР (замест ЦКК РСІ) пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8 сакавіка 1934 г. НК РСІ БССР быў скасаваны, а на яго базе была створана Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР.

16 лістапада 1940 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР была рэарганізавана ў Народны камісарыят дзяржаўнага кантролю Беларускай ССР. У адпаведнасці з Палажэннем аб Народным камісарыяце дзяржаўнага кантролю Беларускай ССР, зацверджаным 13 студзеня 1941 г. СНК БССР, Наркамат дзяржкантролю быў абавязаны кантраляваць улік і расходаванне дзяржаўных грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцяў дзяржаўнымі, кааператыўнымі і грамадскімі арганізацыямі і прадпрыемствамі, а таксама правяраць выкананне рашэнняў Урадаў Саюза ССР і Беларускай ССР.

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі Наркамат дзяржкантролю БССР быў эвакуіраваны ў г. Маскву. Ён аднавіў сваю дзейнасць на вызваленай тэрыторыі рэспублікі ўжо ў лютым 1944 г.

У сакавіку 1946 г. Наркамат дзяржкантролю БССР быў перайменаваны ў Міністэрства дзяржаўнага кантролю Беларускай ССР.

1 снежня 1948 г. Саветам Міністраў БССР была прынята пастанова, якой былі пашыраны правы Міністэрства дзяржкантролю. Міністру давалася права накладання дысцыплінарных спагнанняў (са згоды намесніка Старшыні СМ БССР) на адказных службовых асоб за безгаспадарчасць і парушэнні па службе.

У адпаведнасці з новым Палажэннем аб Міністэрстве дзяржаўнага кантролю БССР, зацверджаным 6 чэрвеня 1951 г. Саветам Міністраў БССР, асноўнымі задачамі Міністэрства былі вызначаны: кантроль за вытворчай, гаспадарчай і фінансавай дзейнасцю, за станам уліку, захаванасцю і расходаваннем грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцяў усіх прадпрыемстваў і ўстаноў рэспублікі, а таксама прадстаўленне Ураду БССР заключэнняў па выкананні дзяржбюджэту.

25 лютага 1958 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР была ўтворана Камісія савецкага кантролю Савета Міністраў БССР і ў сувязі з гэтым Міністэрства дзяржаўнага кантролю БССР было скасавана. На Камісію савецкага кантролю Савета Міністраў БССР ускладалася праверка выканання рашэнняў Урадаў СССР і БССР па найважнейшых пытаннях народнай гаспадаркі, вывучэнне структуры і дзейнасці дзяржаўнага апарату, кантроль за правядзеннем рэжыму эканоміі, барацьба з праявай ведамасных і месніцкіх тэндэнцый, бюракратызмам і валакітай.

5 жніўня 1961 г. Камісія савецкага кантролю Савета Міністраў БССР была ператворана ў Камісію дзяржаўнага кантролю Савета Міністраў БССР (Дзяржкантроль БССР).

У адпаведнасці з Палажэннем аб Камісіі дзяржаўнага кантролю, зацверджаным Саветам Міністраў БССР 15 лістапада 1961 г., на Камісію ўскладаўся абавязак правяраць выкананне планаў паставак матэрыялаў, абсталявання, харчовых і прамысловых тавараў у грамадскі фонд і па міжрэспубліканскіх пастаўках, кантраляваць улік і дзяржаўную справаздачнасць, весці барацьбу з прыпіскамі ў дзяржаўнай справаздачы, падманам і ашуканствам.

Згодна з рашэннямі лістападаўскага (1962 г.) Пленума ЦК КПСС аб карэннай рэарганізацыі кантролю ў краіне, 18 снежня 1962 г. пастановай ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР быў арганізаваны Камітэт партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, у сувязі з чым Камісія дзяржаўнага кантролю Савета Міністраў БССР была скасавана. Старшынёй Камітэта партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР быў прызначаны С.О.Прытыцкі. Ён жа адначасова з’яўляўся сакратаром ЦК КПБ і намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР.

Па стане на студзень 1963 г. у рэспубліцы былі створаны 77 камітэтаў партыйна-дзяржаўнага кантролю па зонах вытворчых калгасна-саўгасных упраўленняў і 23 - па прамысловых зонах. У канцы 1965 года ў Беларускай ССР існавала 10309 груп і 13645 пастоў садзейнічання партдзяржкантролю, у працы якіх удзельнічала больш за 183 тысяч чалавек.

У мэтах шырокага ўцягвання працоўных у справу праверкі і кантролю 22 снежня 1965 г. Вярхоўны Савет БССР у адпаведнасці з Законам Вярхоўнага Савета СССР ад 9 снежня 1965 г. “Аб стварэнні народнага кантролю ў СССР” прыняў рашэнне аб пераўтварэнні органаў партыйна-дзяржаўнага кантролю Беларускай ССР у органы народнага кантролю.

У 1981 годзе ў Беларускай ССР дзейнічала 27800 груп і 11946 пастоў народнага кантролю, у якія было абрана 386734 народных кантралёра. У камітэтах народнага кантролю на грамадскіх пачатках працавала амаль 16 тысяч пазаштатных інспектараў. Па ініцыятыве Камітэта народнага кантролю БССР з кастрычніка 1978 г. у групах і пастах народнага кантролю на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арганізацыях сталі дзейнічаць 13 тысяч школ народных кантралёраў, дзе навучалася больш за 355 тысяч чалавек, або 92 % членаў груп і пастоў. Вопыт працы такіх школ быў абагульнены Камітэтам народнага кантролю СССР.

У канцы 80-х гадоў органы народнага кантролю ўключалі ў свой склад: Камітэт народнага кантролю БССР, які ажыццяўляў сваю дзейнасць пад непасрэдным кіраўніцтвам ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, абласныя, гарадскія і раённыя камітэты народнага кантролю, а таксама групы і пасты народнага кантролю пры сельскіх і пасялковых Саветах дэпутатаў працоўных, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арганізацыях і вайсковых частках.

У задачы органаў народнага кантролю ўваходзіла ўцягванне шырокіх народных мас ва ўпраўленне справамі дзяржавы, забеспячэнне сістэматычнай праверкі выканання дырэктыў Партыі і Урада савецкімі, гаспадарчымі і іншымі арганізацыямі, умацаваньне дзяржаўнай дысцыпліны і сацыялістычнай законнасці.

30 лістапада 1979 г. Вярхоўным Саветам СССР быў прыняты Закон “Аб народным кантролі ў СССР”, згодна з якім усе камітэты народнага кантролю, а таксама гурты народнага кантролю пры гарадскіх, раённых, пасялковых і сельскіх Саветах утвараліся на сесіях адпаведных Саветаў народных дэпутатаў.

Камітэты народнага кантролю саюзных рэспублік утвараліся на сесіях адпаведных Вярхоўных Саветаў тэрмінам на пяць гадоў.

13 сакавіка 1980 г. Вярхоўным Саветам БССР быў створаны рэспубліканскі кіруючы орган - Камітэт народнага кантролю Беларускай ССР у колькасці 12 чалавек, у склад якога ўвайшлі таксама прадстаўнікі прафсаюзных, камсамольскіх арганізацый, друку і іншых органаў. Старшынёй Камітэта быў абраны М.І.Лагір.

Камітэт народнага кантролю БССР ажыццяўляў сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета БССР, яго Прэзідыума, Савета Міністраў БССР. Работа Камітэта народнага кантролю па ажыццяўленню кантролю ў сферы гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва і ў іншых сферах дзяржаўнага кіравання, пра якую Камітэт сістэматычна дакладваў Ураду, накіроўвалася Саветам Міністраў БССР.

Апарат Камітэта народнага кантролю БССР быў арганізаваны па вытворча-галіноваму прынцыпу. У яго складзе дзейнічалі аддзелы: машынабудавання і хімічнай прамысловасці; паліўнай прамысловасці, энергетыкі, транспарту і сувязі; будаўніцтва і будаўнічай індустрыі; сельскай гаспадаркі; лёгкай і харчовай прамысловасці; гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання; планавых і фінансавых органаў; устаноў народнай адукацыі, навукі, вышэйшых навучальных устаноў, культуры, аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння.

4 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову аб скасаванні Камітэта народнага кантролю БССР.

13 сакавіка 1992 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасці з якім у краіне быў створаны падсправаздачны Парламенту вышэйшы дзяржаўны орган фінансава-эканамічнага кантролю - Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь, яе Старшынёй Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь выбраў В.А.Саковіча.

У адпаведнасці з Законам, Кантрольная палата надзялялася паўнамоцтвамі ажыццяўлення кантролю за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем законаў і пастаноў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і адпаведнасцю ім іншых актаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны.

Кантрольная палата валодала і карысталася правам заканадаўчай ініцыятывы. У складзе Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусь дзейнічалі яе інспекцыі ва ўсіх абласцях і г. Мінску. Аб сваёй працы Кантрольная палата прадстаўляла штогадовую справаздачу Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.

23 верасня 1992 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў створаны Дэпартамент эканамічнага кантролю пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Асноўнымі задачамі Дэпартамента былі вызначаны: ажыццяўленне кантролю за выкананнем міністэрствамі, ведамствамі, іншымі органамі дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання, суб’ектамі гаспадарання (незалежна ад форм уласнасцi i падпарадкаванасцi) заканадаўчых і нарматыўных актаў у сферы эканомікі; ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў і цэнтралізавана выдзеляемых матэрыяльных рэсурсаў; за выкананнем паставак прадукцыі для дзяржаўных патрэб і па шэрагу іншых напрамкаў. Пры гэтым, дзейнічаючы ў рамках сваёй кампетэнцыі, вызначанай Палажэннем аб Дэпартаменце, ён не павінен быў падмяняць функцыі Кантрольнай палаты. Дырэктарам Дэпартамента быў прызначаны Н.А.Пазняк.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.08.1994 № 16 была створана Служба кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адначасова быў скасаваны Дэпартамент эканамічнага кантролю пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Начальнікам Службы кантролю быў прызначаны В.Б.Далгалёў, ён жа з’яўляўся намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Палажэннем аб Службе кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.08.1994, яна з’яўлялася органам прэзідэнцкага кантролю і ажыццяўляла кантроль за дзейнасцю цэнтральных органаў кіравання і органаў выканаўчай улады, за выкананнем суб’ектамі гаспадарання нарматыўных актаў у сферы эканомікі, выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў і цэнтралізавана выдзеляемых рэсурсаў.

4 жніўня 1995 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 296 у мэтах узмацнення прэзідэнцкага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь, забеспячэння арганізацыйнага адзінства і эфектыўнасці кантрольнай дзейнасці Служба кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ператворана ў Службу кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Палажэннем аб Службе кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 1995 г. № 296, яна з’яўлялася кантрольным органам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і выступала ў якасці цэнтральнага органа кантролю за дзейнасцю органаў выканаўчай улады. Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і па яго даручэнні Служба кантролю была закліканая ажыццяўляць кантроль за выкананнем Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных актаў органамі выканаўчай улады, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі (незалежна ад форм уласнасці і відаў дзейнасці), прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы.

Тэрытарыяльныя органы Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі прадстаўлены Галоўнымі ўпраўленнямі ў кожнай вобласці і Галоўным упраўленнем па г. Мінску і Мінскай вобласці.

У адпаведнасці са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь рэспубліканскім рэферэндумам 24 лістапада 1996 г., Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 05.12.1996 № 510 быў створаны Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь шляхам пераўтварэння Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і скасавання Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусь. Са стварэннем Камітэта дзяржаўнага кантролю былі ліквідаваны нярэдкі паралелізм і дубліраванне ў рабоце двух вышэйшых дзяржаўных кантрольных органаў у краіне.

Найбольш важнымі прыярытэтамі ў дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю сталі: кантроль за выкананнем рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў; мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў і ўласнасці; дзейнасцю банкаў, рынку каштоўных папер, страхавых і нябанкаўскіх арганізацый; захаваннем законнасці пры ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці; рухам валютных сродкаў і паўнатой паступлення ў Беларусь грошаў ад экспарту; цэнаўтварэннем і сітуацыяй на спажывецкім рынку; сітуацыяй у прамысловым і аграрным комплексах.

Нароўні з кантрольнай дзейнасцю на Камітэт была ўскладзена аналітычная работа, дадзена права ініцыяваць прыняцце заканадаўчых актаў, якія рэгулююць эканамічныя і фінансавыя адносіны ў Беларусі.

Асаблівым напрамкам у рабоце Камітэта стаў кантроль за прытрымліваннем і выкананнем дэкрэтаў, указаў, распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дзейнасцю органаў дзяржаўнай улады і кіравання.

Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю быў прызначаны начальнік Службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н.Ф.Дамашкевіч. У снежні 1998 г. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліў А.У.Кабякоў, з ліпеня 2000 г. па красавік 2006 г. дзейнасцю Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь кіраваў А.А.Тозік, з кастрычніка 2006 г. па снежань 2010 г. Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь з’яўляўся З.К.Ломаць. 28 снежня 2010 г. Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь прызначаны Якабсон А.С.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычнiка 2014 г. № 487 Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь прызначаны Анфімаў Леанід Васільевіч.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 лістапада 1999 г. № 673 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый” створаны Савет па каардынацыі кантрольнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўнай функцыяй Савета стала каардынацыя дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага банка, іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаных праводзіць праверкі (рэвізіі) фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацый, прадпрыемстваў, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

9 лютага 2000 г. Кіраўніком дзяржавы падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь”.

Дадзены Закон усталяваў кампетэнцыю, арганізацыю і парадак дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з дадзеным Законам Камітэт дзяржаўнага кантролю - гэта орган, які утвараецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем законаў, актаў Прэзідэнта, Парламента, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгламентуюць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны.

У мэтах удасканалення сістэмы органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю і павышэння эфектыўнасці іх дзейнасці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.11.2001 № 617 “Аб мерах па ўдасканаленні сістэмы органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь” у Камітэце дзяржаўнага кантролю створаны Дэпартамент фінансавых расследаванняў на базе Дзяржаўнага камітэта фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь, далучанага да Камітэта ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.09.2001 № 516 “Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь”.

16 чэрвеня 2008 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь”, які вызначыў асноўныя задачы органаў фінансавых расследаванняў: абарона інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў у эканамічнай сферы; абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства і арганізацый у эканамічнай сферы; прафілактыка, выяўленне і спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў у эканамічнай сферы, у тым ліку карупцыйных правапарушэнняў.

Сёння органы фінансавых расследаванняў нацэлены на выяўленне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, злачынстваў карупцыйнай накіраванасці, фактаў супрацьпраўных дзеянняў з боку службовых асоб, а таксама на спыненне дзейнасці злачынных груп і злачынных арганізацый у эканамічнай сферы.

У мэтах удасканалення сістэмы мер па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2003 г. № 408 у Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь створаны Дэпартамент фінансавага маніторынгу (фінансавая разведка), асноўнымі задачамі якога з’яўляюцца распрацоўка і рэалізацыя эфектыўных мер па супрацьдзеянні “адмыванню” злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму, павышэнню празрыстасці фінансавых патокаў у эканоміцы рэспублікі.

Беларуская сістэма процідзеяння легалізацыі незаконных даходаў і фінансаванню тэрарыстычнай дзейнасці развіваецца і ўдасканальваецца з улікам міжнародных абавязацельстваў нашай краіны.

Так, Беларусь з’яўляецца членам Еўразійскай групы па супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму (ЕАГ). У 2008 годзе намеснікам Старшыні ЕАГ абраны дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Ярашэўскі В.П. З 2007 года Дэпартамент фінансавага маніторынгу з’яўляецца членам міжнароднай групы «Эгмант», што дазваляе павысіць эфектыўнасць інфармацыйнага абмену з падраздзяленнямі фінансавых разведак замежных краін, атрымаць доступ да абароненаму сайту гурта «Эгмант» і выкарыстоўваць яго для абмену інфармацыяй, рыхтаваць высокапрафесійныя кадры па пытаннях фінансавай разведкі .

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2008 г. № 647 “Аб некаторых пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь” зацверджана Палажэнне аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Палажэннем асноўнымі задачамі Камітэта з’яўляюцца абарона інтарэсаў дзяржавы ад супрацьпраўных замахаў у эканамічнай сферы, забеспячэнне эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь; праверка выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кантроль за выкананнем якіх у адпаведнасці з законамі і рашэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ускладзены на Камітэт; забеспячэнне эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі бюджэтных сродкаў і дзяржаўнай уласнасці; правядзенне комплексных мерапрыемстваў па выяўленні сістэмных парушэнняў заканадаўства і адмоўных тэндэнцый у эканоміцы і сацыяльнай сферы; выяўленне невыкарыстоўваемых рэзерваў павышэння эфектыўнасці эканамічнай дзейнасці, развіцця рэальнага сектара эканомікі.

З мэтай комплекснага ўдасканалення прававога рэгулявання ў сферы дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю 1 ліпеня 2010 г. прыняты новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах”.

У Законе 2010 года вызначана, якія органы ўтвараюць сістэму органаў Камітэта (Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, камітэты дзяржаўнага кантролю абласцей, міжраённыя камітэты дзяржаўнага кантролю і органы фінансавых расследаванняў Камітэта), вызначаны задачы і прынцыпы дзейнасці Камітэта і яго тэрытарыяльных органаў, канкрэтызаваны паўнамоцтвы гэтых органаў і іх работнікаў. Акрамя таго, дакладна вызначаны статус міжраённых камiтэтаў дзяржаўнага кантролю і іх узаемаадносіны з камітэтамі дзяржаўнага кантролю адпаведных абласцей.

Законам вызначаны патрабаванні да асоб, якія прымаюцца на працу ў органы Камітэта дзяржаўнага кантролю, урэгуляваны парадак узаемаадносін Камітэта і яго тэрытарыяльных органаў з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, а таксама з іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку працэдура абскарджання дзеянняў (бяздзейнасці) або рашэнняў Камітэта або яго тэрытарыяльных органаў (iх службовых асоб).

9 лістапада Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ № 580 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” (уступіў у сілу з дня падпісання). У адпаведнасці з гэтым Указам унесены змены ў шэраг указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У прыватнасці, у Палажэнні аб Дэпартаменце фінансавага маніторынгу замацаваны новы парадак прызначэння на пасаду i вызвалення ад пасады дырэктара дадзенага Дэпартамента, удакладнены функцыі і паўнамоцтвы Дэпартамента. Указ № 580 прадугледзеў новае паўнамоцтва для органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю - права прыпыняць цi забараняць адгрузку тавараў арганізацыям, у дзейнасці якіх выяўлены факты парушэння заканадаўства, а таксама прыпыняць цi забараняць пагашэнне запазычанасці перад гэтымі арганізацыямі.

Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам № 580 выкладзена ў новай рэдакцыі Палажэнне аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Нормы дадзенага Палажэння, якія тычацца паўнамоцтваў Камітэта і яго работнікаў, прыведзены ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2009 № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах”. Палажэнне дапоўнена такімі паўнамоцтвамі Камітэта, як:

кантроль за выкананнем дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, якія праводзяць праверкі, парадку арганізацыі і правядзення праверак;

ажыццяўленне каардынацыі планавых праверак, якія праводзяцца кантралюючымі (нагляднымі) органамі;

права прымаць нарматыўныя прававыя акты;

ажыццяўленне прафілактыкі правапарушэнняў у эканамічнай сферы;

права не толькі праводзіць праверкі, але і ажыццяўляць маніторынг і іншыя кантрольныя мерапрыемствы.

Зваротная сувязь
Паведаміць аб завышэнні цэн на лекі Паведаміць аб завышэнні цэн на лекі Паведаміць аб завышэнні цэн на тавары Паведаміць аб завышэнні цэн на тавары Маніторынг аб'ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва Маніторынг аб'ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва Скажы не заробку "ў канверце" Скажы не
заробку "ў канверце"
Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Прававы форум Беларусі Прававы форум Беларусі Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Belarus.by - Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь Belarus.by - Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь